БАБРУ́ЙСКАЯ КЕРАМІ́КА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымленыя (т.зв. сінія), з 1930-х г. паліваныя рэчы. Акрамя сталовага, кухоннага, тарнага посуду выраблялі дэкар. дробную пластыку, цацкі. Своеасаблівасць маст. аблічча бабруйскай керамікі вызначалі мясц. сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхнал. ўзровень вытворчасці. Бабруйскую кераміку вылучаюць прапарцыянальны строй і прыёмы фармоўкі, спалучэнне бясколерных празрыстых глазураў з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне адводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак. У Бабруйску працуе цэх маст. керамікі, дзе акрамя ганчарнага спосабу фармоўкі існуе адліўка і прасаванне, наладжаны выпуск рэчаў з ангобнай размалёўкай.

У.В.Угрыновіч.

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)